Кардыялогія — медыцынская дысцыпліна, якая займаецца дыягностыкай і лячэннем сардэчна-сасудзістых захворванняў, што ўплываюць на сэрца, крывяносныя сасуды і сістэму кровазвароту. Да згаданых захворванняў адносяцца ішэмічная хвароба сэрца (захворванне крывяносных сасудаў сэрца), сардэчныя арытміі (нерэгулярныя сардэчныя скарачэнні), застойная сардэчная недастатковасць (сэрца не спраўляецца з нагрузкай), гіпертэнзія (павышаны крывяны ціск), кардыяметабалічныя захворванні (спектр станаў, якія закранаюць сэрца і метабалізм), дысліпідэмія (ненармальны ўзровень ліпідаў у крыві), парушэнне функцый клапанаў сэрца і кардыяміяпатыі (захворванні сардэчнай мышцы).
На сардэчна-сасудзістыя захворванні (ССЗ) прыходзіцца 42,5% усіх смерцяў у Еўропе штогод, то бок, кожны дзень ад іх паміраюць прыблізна 10 000 чалавек. У Цэнтральнай Азіі і Усходняй Еўропе верагоднасць заўчаснай смерці (ва ўзросце ад 30 да 69 гадоў) ад сардэчна-сасудзістых захворванняў больш чым у пяць разоў вышэй у параўнанні з Заходняй Еўропай. Так, узровень смяротнасці ва Усходняй Еўропе складае 15,1%, у Цэнтральнай Азіі — 14,8% а ў Заходняй Еўропе — усяго толькі 2,9%.